- 1
- Псальма Давідава. Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё - сьвятое імя Ягонае.
- 2
- Дабраславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх добрых дзеяў Ягоных.
- 3
- Ён даруе ўсе беззаконьні твае; ацаляе ўсе немачы твае;
- 4
- ад магілы жыцьцё тваё вызваляе, вянчае цябе міласьцю і шчадротамі;
- 5
- насычае дабротамі жаданьні твае: абнаўляецца, як арол, юнацтва тваё.
- 6
- Гасподзь творыць праўду і суд усім пакрыўджаным.
- 7
- Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сынам Ізраілевым - дзеі Свае.
- 8
- Шчодры і міласьцівы Гасподзь, вельмі цярплівы і шчодраміласьцівы:
- 9
- не да канца гневаецца і не навек абураецца.
- 10
- Не паводле злачынстваў нашых стварыў нам, і не паводле грахоў нашых аддаў нам:
- 11
- бо, як высока неба над зямлёю, так вялікая ласка Госпада да тых, хто баіцца Яго;
- 12
- як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя;
- 13
- як бацька даруе сынам, так даруе Гасподзь тым, хто баіцца Яго.
- 14
- Бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы - пыл.
- 15
- Дні чалавечыя - як трава; як польная краска, так ён цьвіце.
- 16
- Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца ягонае ўжо не пазнае яго.
- 17
- А ласка Гасподняя зьвеку й давеку тым, хто баіцца Яго,
- 18
- і праўда Ягоная на сынах сыноў, якія захоўваюць запавет Ягоны і памятаюць наказы Ягоныя, каб выконваць іх.
- 19
- Гасподзь на нябёсах паставіў Свой трон, і царства Ягонае ўсім валодае.
- 20
- Дабраславеце Госпада, усе анёлы Ягоныя, моцныя сілаю, выканаўцы слова Ягонага.
- 21
- Дабраславеце Госпада, усе войскі Ягоныя, службіты Ягоныя, што выконваюць волю Ягоную.
- 22
- Дабраславеце Госпада, усе дзеі Ягоныя, ва ўсіх месцах валадарства Ягонага. Дабраславі, душа мая, Госпада!
|