- 1
- Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,
- 2
- Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,
- 3
- ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.
- 4
- Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх - з вагню палымянага.
- 5
- Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.
- 6
- Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.
- 7
- Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;
- 8
- узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.
- 9
- Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.
- 10
- Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,
- 11
- пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.
- 12
- Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.
- 13
- Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
- 14
- Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,
- 15
- і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.
- 16
- Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;
- 17
- на іх гняздуюцца птушкі: яліны - пад гняздо буслам,
- 18
- высокія горы - сарнам; каменныя скалы - сховы зайцам.
- 19
- Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.
- 20
- Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;
- 21
- ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.
- 22
- Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;
- 23
- выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.
- 24
- Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх.
- 25
- Гэта мора - вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія;
- 26
- там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім.
- 27
- Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова.
- 28
- Даеш ім - прымаюць; адкрываеш далоню Тваю - насычаюцца дабром;
- 29
- схаваеш аблічча Тваё - палохаюцца; забіраеш у іх дух - паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца.
- 30
- пашлеш дух Твой - ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі.
- 31
- Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.
- 32
- Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.
- 33
- Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.
- 34
- Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.
- 35
- Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!
|