- 1
- Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.
- 2
- Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?
- 3
- Дабрашчасныя - хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!
- 4
- Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,
- 5
- каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.
- 6
- Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.
- 7
- Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.
- 8
- Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.
- 9
- Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;
- 10
- і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.
- 11
- Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.
- 12
- І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.
- 13
- Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:
- 14
- і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.
- 15
- І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.
- 16
- І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.
- 17
- Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.
- 18
- І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.
- 19
- Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;
- 20
- і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.
- 21
- Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,
- 22
- дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.
- 23
- І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.
- 24
- І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;
- 25
- і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.
- 26
- І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,
- 27
- і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.
- 28
- Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,
- 29
- і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.
- 30
- І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, - і спынілася пошасьць
- 31
- І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.
- 32
- І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,
- 33
- бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.
- 34
- Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;
- 35
- а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;
- 36
- служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,
- 37
- і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;
- 38
- пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, - і зьнячысьцілася зямля крывёю;
- 39
- зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.
- 40
- І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю
- 41
- і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.
- 42
- Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.
- 43
- Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.
- 44
- Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,
- 45
- і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,
- 46
- і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.
- 47
- Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.
- 48
- Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!
|