- 1
- Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!
- 2
- Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага
- 3
- і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.
- 4
- Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;
- 5
- цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.
- 6
- Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,
- 7
- і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.
- 8
- Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:
- 9
- бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.
- 10
- Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;
- 11
- бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.
- 12
- Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.
- 13
- Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,
- 14
- вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.
- 15
- Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:
- 16
- бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.
- 17
- Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;
- 18
- усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.
- 19
- Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;
- 20
- паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.
- 21
- Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
- 22
- Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!
- 23
- Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, -
- 24
- бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:
- 25
- Ён маўляе, - і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:
- 26
- узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;
- 27
- яны кружацца і хістаюцца, нібы п'яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.
- 28
- Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.
- 29
- Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.
- 30
- І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.
- 31
- Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
- 32
- Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!
- 33
- Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады - у сушу,
- 34
- зямлю пладавітую - у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.
- 35
- Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую - у крыніцу вады;
- 36
- і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;
- 37
- засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.
- 38
- Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.
- 39
- Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;
- 40
- Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.
- 41
- А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.
- 42
- Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.
- 43
- Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.
|