- 1
- Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
- 2
- Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
- 3
- Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
- 4
- Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
- 5
- З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь.
- 6
- Гасподзь за мяне - не збаюся: што зробіць мне чалавек?
- 7
- Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх.
- 8
- Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека.
- 9
- Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў.
- 10
- Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў;
- 11
- Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў.
- 12
- Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў.
- 13
- Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне.
- 14
- Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім.
- 15
- Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу!
- 16
- Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу!
- 17
- Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія.
- 18
- Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў.
- 19
- Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада,
- 20
- вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе.
- 21
- Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім.
- 22
- Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла.
- 23
- Гэта - ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах.
- 24
- Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!
- 25
- О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!
- 26
- Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.
- 27
- Бог - Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.
- 28
- Ты - Бог мой: славіць буду Цябе; Ты - Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).
- 29
- Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
|