- 1
- Алілуя. Дабрашчасныя - беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім.
- 2
- Дабрашчасныя - хто прымае сьведчаньні Ягоныя, хто ўсім сэрцам шукае Яго!
- 3
- Яны крыўды ня чыняць, ходзяць шляхамі Ягонымі.
- 4
- Ты запавёў наказы Твае выконваць дакладна.
- 5
- О, каб дарогі мае былі простыя да захаваньня Тваіх пастановаў!
- 6
- Тады не пасаромеўся б я, гледзячы на ўсе Твае запаведзі;
- 7
- шчырым сэрцам Я славіў бы Цябе, вучыўся б судам Тваёй праўды.
- 8
- Буду трымацца Тваіх пастановаў; не пакідай мяне назусім.
- 9
- Чым юнак утрымае свой шлях у чысьціні? - Калі будзе трымацца словаў Тваіх.
- 10
- Цэлым сэрцам сваім я шукаю Цябе! ня дай мне збочыць ад запаведзяў Тваіх.
- 11
- У сэрцы маім я схаваў слова Тваё, каб не грашыць прад Табою.
- 12
- Дабраславёны Ты, Госпадзе! навучы мяне пастановам Тваім.
- 13
- Вуснамі маімі абвяшчаў я ўсе суды Тваіх вуснаў.
- 14
- На шляху Тваіх сьведчаньняў я радуюся, як у кожным багацьці.
- 15
- Пра запаведзі Твае разважаю, і гляджу на шляхі Твае.
- 16
- Пастановамі Тваімі суцяшаюся; не забываю слова Твайго.
- 17
- Акажы ласку рабу Твайму, і буду я жыць і трымацца слова Твайго.
- 18
- Разамкні вочы мае і пабачу дзівосы закона Твайго.
- 19
- Прыхадзень я на зямлі; не хавай ад мяне запаведзяў Тваіх.
- 20
- Зьнемагла душа мая ад жаданьня судоў Тваіх ва ўсялякі час.
- 21
- Утаймаваў Ты пыхлівых, праклятых, што ўхіляюцца ад Тваіх запаведзяў.
- 22
- Адвярні ад мяне зьнявагу і сорам, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.
- 23
- Князі сядзяць і змаўляюцца супраць мяне; а раб Твой разважае пра пастановы Твае.
- 24
- Сьведчаньні Твае - суцяшэньне маё, і пастановы Твае - дарадцы мае.
- 25
- Душа мая кінута ў пыл; ажыві мяне словам Тваім.
- 26
- Абвясьціў я дарогі мае, і Ты пачуў мяне; навучы мяне пастановам Тваім.
- 27
- Дай зразумець мне шлях загадаў Тваіх, і буду разважаць пра дзівосы Твае.
- 28
- Душа мая растае ад журботы: умацуй мяне паводле слова Твайго.
- 29
- Адвярні ад мяне дарогу маны, і закон Твой даруй мне.
- 30
- Я выбраў дарогу праўды, паставіў перад сабою суды Твае.
- 31
- Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе; не пасаромі мяне.
- 32
- Пацяку шляхам запаведзяў Тваіх, калі Ты расшырыш сэрца маё.
- 33
- Пакажы мне, Госпадзе, шлях пастановаў Тваіх, і я буду трымацца яго да канца.
- 34
- Дай мне зразумець, і буду трымацца закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.
- 35
- Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо я жадаю яе.
- 36
- Прыхілі маё сэрца да адкрыцьцяў Тваіх, а не да карысьлівасьці.
- 37
- Адвядзі вочы мае, каб ня бачыць марноты; ажыві Ты мяне на дарозе Тваёй.
- 38
- Сьцьвердзі слова Тваё рабу Твайму, каб багавейны я быў прад Табою.
- 39
- Адвядзі ад мяне зьнявагу, якое баюся; бо суды Твае добрыя.
- 40
- Вось, я пажадаў загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдаю Тваёю.
- 41
- Хай сыдзе на мяне, Госпадзе, міласьць Твая, выратаваньне паводле слова Твайго,
- 42
- і я адкажу таму, хто мяне зьневажае, бо я спадзяюся на слова Тваё.
- 43
- Не адбірай зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я спадзяюся на суды Твае.
- 44
- і буду трымацца суду Твайго заўсёды, на векі вечныя;
- 45
- буду хадзіць свабодна, бо наказаў Тваіх я шукаю,
- 46
- буду маўляць пра адкрыцьці Твае перад царамі, і не пасаромеюся;
- 47
- буду суцяшацца запаведзямі Тваімі, якія я палюбіў;
- 48
- рукі мае працягну да запаведзяў Тваіх, якія я палюбіў, і разважаць пра Твае пастановы.
- 49
- Згадай слова Тваё да раба Твайго, на якое Ты загадаў мне спадзявацца:
- 50
- гэта - суцяшэньне ў нягодзе маёй, што слова Тваё суцяшае мяне.
- 51
- Гардуны зь мяне надта глуміліся, але я ня ўхіліўся ад закона Твайго.
- 52
- Згадваў суды Твае, Госпадзе, зьвеку, і суцяшаўся.
- 53
- Жах агартае мяне, калі бачу бязбожных, якія законы Твае пакідаюць.
- 54
- Пастановы Твае былі песьнямі мне ў мясьцінах вандровак маіх.
- 55
- Уначы ўспамінаў я імя Тваё, Госпадзе, і трымаўся закону Твайго.
- 56
- Ён зрабіўся маім, бо загады Твае я шаную.
- 57
- Доля мая, Госпадзе, сказаў я, трымацца слова Твайго.
- 58
- Маліўся Табе я ўсім сэрцам: памілуй мяне паводле слова Твайго.
- 59
- Разважаў пра шляхі мае, і павярнуў свае ногі да сьведчаньняў Тваіх.
- 60
- Сьпяшаўся і не марудзіў выконваць запаведзі Твае.
- 61
- Сеткі бязбожных акружылі мяне; але не забываў я закона Твайго.
- 62
- Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае.
- 63
- Саўдзельнік я ўсім, хто баіцца Цябе і хто наказы Твае шануе.
- 64
- Ласкаю Тваёй, Госпадзе, поўніцца ўся зямля; навучы мяне пастановам Тваім.
- 65
- Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
- 66
- Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру.
- 67
- Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся.
- 68
- Добры і дабрадзейны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
- 69
- Гардуны плятуць на мяне ману; а я ўсім сэрцам загады Твае шанавацьму.
- 70
- Затлусьцела ў іх сэрца, стала, як лой; а я законам Тваім суцяшаюся.
- 71
- Добра мне, што я пацярпеў, каб навучыцца Тваім пастановам.
- 72
- Закон Тваіх вуснаў мне лепей за тысячы золата і срэбра.
- 73
- Рукі Твае стварылі мяне і збудавалі мяне; дай мне розуму і навучуся запаведзям Тваім.
- 74
- Хто баіцца Цябе, убачаць мяне і парадуюцца, што я спадзяюся на слова Тваё.
- 75
- Ведаю, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя, і па справядлівасьці Ты пакараў мяне.
- 76
- Хай жа міласьць Твая будзе мне ўцехаю паводле слова Твайго рабу Твайму.
- 77
- Хай прыйдзе мне Твой мілажаль, і буду я жыць; бо закон Твой - суцяшэньне маё.
- 78
- Хай пасаромлены будуць пыхлівыя, бо бязь віны прыгнятаюць мяне; я разважаю пра загады Твае.
- 79
- Хай зьвернуцца да мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае.
- 80
- Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў вуснах Тваіх, каб я не пасаромеўся!
- 81
- Душа мая прападае па ратунку Тваім; спадзяюся на слова Тваё.
- 82
- Прападаюць вочы мае па слове Тваім; я кажу: калі Ты суцешыш мяне?
- 83
- Я зрабіўся, як мех у дыме; а пастановаў Тваіх не забыўся.
- 84
- Колькі дзён у раба Твайго? Калі ўчыніш суд над маімі ганіцелямі?
- 85
- Яму выкапалі мне гардзеі насуперак закону Твайму.
- 86
- Усе запаведзі Твае - праўда; несправядліва перасьледуюць мяне; памажы мне.
- 87
- Ледзьве не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў загадаў Тваіх.
- 88
- Па літасьці Тваёй ажыўляй мяне, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.
- 89
- Навечна, Госпадзе, слова Тваё сьцьверджана на нябёсах;
- 90
- праўда Твая з роду ў род. Ты паставіў зямлю, і стаіць яна.
- 91
- Паводле Тваіх вызначэньняў усё стаіць і дагэтуль; бо ўсё служыць Табе.
- 92
- Калі б не закон Твой быў суцяшэньнем маім, загінуў бы я ў нягодах маіх.
- 93
- Вавек не забуду загадаў Тваіх, бо імі Ты ажыўляеш мяне.
- 94
- Я Твой: уратуй мяне; бо я наказаў Тваіх шукаю.
- 95
- Бязбожнікі пільнуюць мяне, каб загубіць; а я паглыбляюся ў адкрыцьці Твае.
- 96
- Я бачыў мяжу дасканаласьці ўсякай; але Твая запаведзь надта шырокая.
- 97
- Як люблю я закон Твой! увесь дзень пра яго разважаю.
- 98
- Запаведзьдзю Тваёю Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх; бо яна заўсёды са мною.
- 99
- Я стаўся разумнейшы за настаўнікаў маіх; бо разважаю пра сьведчаньні Твае.
- 100
- Я ведаю болей за старцаў; бо загады Твае шаную.
- 101
- Ад усякай ліхое дарогі ўхіляю ногі мае, каб трымацца слова Твайго;
- 102
- ад судоў Тваіх ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне.
- 103
- Якое салодкае слова Тваё майму паднябеньню! лепей за мёд вуснам маім.
- 104
- Ад наказаў Тваіх я стаўся разумнейшы, таму ненавіджу любы шлях маны.
- 105
- Слова Тваё - сьветач нагам маім і сьвятло сьцежцы маёй.
- 106
- Я прысягнуў шанаваць справядлівыя суды Твае, і выканаю.
- 107
- Моцна прыгнечаны я, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.
- 108
- Хай будзе воля Твая, Госпадзе, прыняць дабраахвотную ахвяру вуснаў маіх, і судам Тваім навучы мяне.
- 109
- Душа мая бесьперастанку ў руцэ маёй; але закона Твайго не забываю.
- 110
- Бязбожнікі паставілі на мяне пастку; але я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.
- 111
- Сьведчаньні Твае я прыняў, як спадчыну вечную; бо яны злагада сэрца майго.
- 112
- Я прыхіліўся сэрцам да выкананьня загадаў Тваіх навек, да канца.
- 113
- Вымудры паняверныя ненавіджу, а закон Твой люблю.
- 114
- Ты - маё покрыва і шчыт мой; на слова Тваё спадзяюся.
- 115
- Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, і буду захоўваць запаведзі Бога майго.
- 116
- Умацуй мяне словам Тваім, і буду жыць; не пасаромі мяне ў надзеі маёй;
- 117
- падтрымай мяне, і ўратуюся; і ў Твае пастановы ўдумвацца няспынна буду.
- 118
- Усіх адступнікаў ад пастановаў Тваіх Ты скідаеш, бо вымудры іхнія - няпраўда.
- 119
- Як шашаль, зьмятаеш Ты ўсіх бязбожных зь зямлі; таму палюбіў я адкрыцьці Твае.
- 120
- Дрыжыць ад страху прад Табою цела маё, і судоў Тваіх баюся я.
- 121
- Я чыніў суд і праўду; не аддавай мяне ганіцелям маім.
- 122
- Даручы Ты на добрае раба Твайго, каб не прыгняталі мяне гардуны.
- 123
- Растаюць мае вочы, чакаючы ратунку Твайго і слова праўды Тваёй.
- 124
- Учыні рабу Твайму паводле ласкі Тваёй і пастановам Тваім навучы мяне.
- 125
- Я раб Твой; дай розуму мне, і спазнаю адкрыцьці Твае.
- 126
- Час настаў Госпаду дзейнічаць: закон Твой зьняважнілі.
- 127
- А я люблю запаведзі Твае болей за золата, золата чыстае.
- 128
- Усе загады Твае - усе прызнаю справядлівымі: усякі шлях маны ненавіджу.
- 129
- Дзівосныя адкрыцьці Твае; таму іх трымае душа мая.
- 130
- Сьведчаньне словаў Тваіх прасьвятляе, простым розум дае.
- 131
- Размыкаю вусны мае, і ўздыхаю; бо запаведзяў Тваіх прагну.
- 132
- Паглядзі на мяне і памілуй мяне, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё.
- 133
- Умацуй ногі мае ў слове Тваім, і ня дай авалодаць мною ніякаму беззаконьню;
- 134
- вызвалі мяне ад прыгнёту чалавечага, і буду наказы Твае шанаваць.
- 135
- Апрамень раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго, і навучы мяне пастановам Тваім.
- 136
- З вачэй маіх цякуць патокі вады, бо не шануюць закона Твайго.
- 137
- Справядлівы Ты, Госпадзе, і суды Твае справядлівыя.
- 138
- Сьведчаньні Твае, якія Ты запавядаў, - праўда і дасканалая ісьціна.
- 139
- Руплівасьць мая зьядае мяне, бо мае ворагі забылі словы Твае.
- 140
- Слова Тваё вельмі чыстае, і раб Твой палюбіў яго.
- 141
- Малы я і пагарджаны; але наказаў Тваіх не забываю.
- 142
- Праўда Твая - праўда вечная, а закон Твой - ісьціна.
- 143
- Скруха і гора мяне агарнулі; запаведзі Твае - суцяшэньне маё.
- 144
- Праўда адкрыцьцяў Тваіх - вечная: дай мне розуму, і буду жыць.
- 145
- Клічу ўсім сэрцам маім: пачуй мяне, Госпадзе; і захаваю Твае пастановы.
- 146
- Заклікаю Цябе; уратуй мяне, і буду захоўваць адкрыцьці Твае.
- 147
- Сустракаючы ранак, я заклікаю; на слова Тваё спадзяюся.
- 148
- Вочы мае сустракаюць ранішнюю варту, каб мне заглыбляцца ў слова Тваё.
- 149
- Пачуй голас мой зь міласьці Тваёй, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.
- 150
- Наблізіліся тыя, што намышляюць хітрыну; далёка яны ад закона Твайго.
- 151
- Блізкі Ты, Госпадзе, і ўсе запаведзі Твае - ісьціна.
- 152
- Здаўна Я даведаўся пра сьведчаньні Твае, што Ты сьцьвердзіў іх навечна.
- 153
- Паглядзі на нягоды мае, і вызваль мяне; бо я не забываю закона Твайго.
- 154
- Заступіся за справу маю, і абарані мяне; словам Тваім ажыві мяне.
- 155
- Далёка ад бязбожных выратаваньне, бо яны пастановаў Тваіх ня шукаюць.
- 156
- Многа шчадротаў Тваіх, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.
- 157
- Многа ў мяне ганіцеляў і ворагаў; але ад сьведчаньняў Тваіх не адступлюся.
- 158
- Бачу адступнікаў, і брыджуся імі; бо яны не шануюць слова Твайго.
- 159
- Падзівіся, як я люблю наказы Твае; міласьцю Тваёю, Госпадзе, ажыві мяне.
- 160
- Аснова слова Твайго сапраўдная, і вечны ўсякі суд праўды Тваёй.
- 161
- Князі перасьледуюць мяне бязьвінна; але сэрца маё баіцца слова Твайго.
- 162
- Радуюся я слову Твайму, як той, хто вялікі дастак прыдбаў.
- 163
- Ненавіджу ману і грэбую ёю; а закон Твой люблю.
- 164
- Сямікроць на дзень праслаўляю Цябе за суды праўды Тваёй.
- 165
- Вялікі мір у тых, што любяць закон Твой, і не спатыкаюцца яны.
- 166
- Спадзяюся на выратаваньне Тваё, Госпадзе, і запаведзі Твае выконваю.
- 167
- Душа мая песьціць сьведчаньні Твае, і я люблю іх моцна.
- 168
- Шаную наказы Твае і адкрыцьці Твае; бо ўсе шляхі мае прад Табою.
- 169
- Хай наблізіцца енк мой прад аблічча Тваё, Госпадзе; словам Тваім дай мне розум.
- 170
- Хай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё, словам Тваім збаві мяне.
- 171
- Вусны мае вымавяць славу, калі Ты навучыш мяне пастановам Тваім.
- 172
- Язык мой абвесьціць слова Тваё; бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.
- 173
- Хай будзе рука Твая дапамогаю мне; бо я выбраў Твае загады.
- 174
- Прагну выратаваньня Твайго, Госпадзе, і закон Твой суцяшэньне маё.
- 175
- Хай жыве душа мая і славіць Цябе, і суды Твае хай дапамогуць мне.
- 176
- Я заблудзіўся, як авечка, згубленая: знайдзі раба Твайго; бо я запаведзяў Тваіх не забыўся.
|