1
Давідава супроць Галіяфа. Дабраславёны Гасподзь, цьвярдыня мая, які навучае рукі мае да бою і пальцы мае - да вайны,
2
літасьць мая і аслона мая, сховішча маё і Збаўца мой, шчыт мой, - і я на Яго спадзяюся; Ён мой народ мне паддае.
3
Госпадзе! што ёсьць чалавек, што пра яго Ты ведаеш, і сын чалавечы, як на яго зважаеш?
4
Чалавек падобны да дыханьня; дні ягоныя - як цень мінушчы.
5
Госпадзе! Нахілі нябёсы Твае, і сыдзі; дакраніся да гор, і задымяцца;
6
блісьні маланкаю, і расьсей іх; пусьці стрэлы Твае, і разладзь іх.
7
Працягні з вышыні руку Тваю, збаві мяне і ўратуй ад водаў вялікіх, ад рукі сыноў чужынскіх,
8
чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца - правіца маны.
9
Божа! новую песьню Табе засьпяваю, на дзесяціструннай псалтыры Табе засьпяваю,
10
даравальніку перамогі царам і збаўцу Давіда, раба Твайго, ад лютага меча.
11
Збаві мяне і ўратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца - правіца маны.
12
Хай будуць сыны нашыя, як расьліны збуялыя ў іх маладосьці; дочкі нашыя - як слупы на акрасу разьбёныя ў харомах.
13
Хай будуць засекі нашыя поўныя, поўныя ўсякім збожжам, хай плодзяцца авечкі нашыя тысячамі і цьмамі на палетках нашых;
14
хай будуць валы нашыя сытыя; хай ня будзе ні крадзяжу, ні пропадзі, ні енку на вуліцах нашых.
15
Дабрашчасны народ, які гэта мае. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог.