1
Залатая песьня Давідава. Барані мяне, Божа; бо я на Цябе спадзяюся.
2
Я сказаў Госпаду: Ты Гасподзь мой; даброты мае Табе не патрэбныя.
3
Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх - да іх уся зычлівасьць мая.
4
Хай памножацца смуткі ў тых, што цякуць да бога чужога; я ня вылью крывавых ахвяраў іхніх, і не спамяну іх імёнаў вуснамі маімі.
5
Гасподзь - частка спадчыны маёй і чары маёй. Ты трымаеш долю маю.
6
Межы мае прайшлі па цудоўных мясьцінах, і спадчына мая мне прыемная.
7
Дабраслаўлю Госпада, Які навучыў мяне; нават і ноччу ўшчувае мяне нутрына мая.
8
Заўсёды перад сабою я Госпада бачыў, бо Ён праваруч мяне; не пахіснуся.
9
Таму ўзрадавалася сэрца маё; і ўзьвесяліўся мой язык; нават і цела маё супакоіцца ў спадзяваньні;
10
бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.
11
Ты пакажаш мне шлях жыцьцёвы: паўната радасьці прад абліччам Тваім, шчасьце ў правіцы Тваёй навечна.