- 1
- Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:
- 2
- палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!
- 3
- Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог - скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.
- 4
- Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.
- 5
- Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;
- 6
- ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
- 7
- У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.
- 8
- Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;
- 9
- падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.
- 10
- Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок - пад нагамі ў Яго.
- 11
- І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.
- 12
- І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.
- 13
- Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
- 14
- І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.
- 15
- Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.
- 16
- І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
- 17
- Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,
- 18
- уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.
- 19
- Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.
- 20
- Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.
- 21
- Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;
- 22
- бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;
- 23
- бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.
- 24
- Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,
- 25
- і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.
- 26
- Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым - шчыры,
- 27
- з чыстым - чысты, а з хітрым - паводле хітрыны ягонай.
- 28
- Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.
- 29
- Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.
- 30
- З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.
- 31
- Бог! - Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.
- 32
- Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
- 33
- Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,
- 34
- робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;
- 35
- вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.
- 36
- Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
- 37
- Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.
- 38
- Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;
- 39
- пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,
- 40
- бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;
- 41
- ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:
- 42
- яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада - але Ён ня слухае іх;
- 43
- я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.
- 44
- Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;
- 45
- па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.
- 46
- Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.
- 47
- Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.
- 48
- Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,
- 49
- і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.
- 50
- За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;
- 51
- таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.
|