1
Псальма Давідава. Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;
2
вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;
3
агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я - ратунак твой!
4
Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;
5
хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.
6
Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,
7
бо яны бязь віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!
8
Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.
9
А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.
10
Усе косткі мае скажуць: "Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?"
11
Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, - выпытваюць у мяне;
12
плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.
13
А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.
14
Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.
15
А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;
16
з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.
17
Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў - самотную душу маю!
18
Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,
19
каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;
20
бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;
21
разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: "добра! добра! бачыла наша вока".
22
Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.
23
Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!
24
Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;
25
хай ня кажуць у сэрцы сваім: "добра! добра!, нам да душы!" Хай ня кажуць: "мы праглынулі яго".
26
Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хай фанабэрацца над мною.
27
Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: "хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!"
28
І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.