- 1
- Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
- 2
- Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь.
- 3
- Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных.
- 4
- Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай.
- 5
- Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою.
- 6
- Ворагі мае пра мяне кажуць благое: "Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?"
- 7
- І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое.
- 8
- Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць:
- 9
- "слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане".
- 10
- Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу.
- 11
- А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу.
- 12
- З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне,
- 13
- а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна.
- 14
- Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін!
|