- 1
- Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.
- 2
- Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой - пяро хуткага пісьма.
- 3
- Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.
- 4
- Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,
- 5
- і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.
- 6
- Вострыя стрэлы Твае - народы ўпадуць прад Табою, - яны - у сэрцы ворагаў Царовых.
- 7
- Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды - жазло царства Твайго.
- 8
- Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх.
- 9
- Усё адзеньне Тваё - як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць.
- 10
- Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце.
- 11
- Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.
- 12
- І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму.
- 13
- І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі.
- 14
- Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам;
- 15
- ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе.
- 16
- Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя.
- 17
- Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі.
- 18
- Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.
|