- 1
- Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
- 2
- Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,
- 3
- і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;
- 4
- вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго - веданьне.
- 5
- Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:
- 6
- "чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных",
- 7
- якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?
- 8
- Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;
- 9
- бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,
- 10
- каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.
- 11
- Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.
- 12
- У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.
- 13
- Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.
- 14
- Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць.
- 15
- Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла - жытлішча іхняе.
- 16
- Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне.
- 17
- Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:
- 18
- бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,
- 19
- хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,
- 20
- але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.
- 21
- Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.
|