- 1
- Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.
- 2
- Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;
- 3
- уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся
- 4
- ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.
- 5
- Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;
- 6
- страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.
- 7
- І сказаў я: "Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;
- 8
- далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б;
- 9
- пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры".
- 10
- Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;
- 11
- удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;
- 12
- сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:
- 13
- бо ня вораг мяне кляне, - гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною - ад яго я схаваўся б;
- 14
- а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,
- 15
- з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.
- 16
- Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,
- 17
- я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.
- 18
- Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;
- 19
- выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;
- 20
- Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;
- 21
- рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;
- 22
- вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны - мячы аголеныя.
- 23
- Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.
- 24
- Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.
|