- 1
- Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце.
- 2
- Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне.
- 3
- Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні!
- 4
- Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе.
- 5
- У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела?
- 6
- Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне - на ліхое:
- 7
- зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю.
- 8
- Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы.
- 9
- Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, - ці ня ў кнізе яны Тваёй?
- 10
- Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне.
- 11
- У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае.
- 12
- На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек?
- 13
- На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы,
- 14
- бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых.
|