1
Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору.
2
Зьлітуйся, Божа, зь мяне, зьлітуйся; бо на Цябе спадзяецца душа мая, і ў цяні крылаў Тваіх я схаваюся, пакуль ня мінуцца нягоды.
3
Паклічу Бога Ўсявышняга, Бога, Які мне чыніць дабро;
4
Ён зь нябёсаў пашле, і ўратуе мяне; пасароміць таго, хто спрабуе мяне праглынуць, пашле Бог Сваю літасьць і праўду Сваю.
5
Душа мая сярод ільвоў; я ляжу сярод тых, што дыхаюць полымем, сярод сыноў чалавечых, чые зубы - як дзіды і стрэлы, чый язык - востры меч.
6
Будзь услаўлены вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая!
7
На ногі мае ўгатавалі сетку: душа мая панікла; выкапалі перада мною яму, і самі ўпалі ў яе.
8
Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду сьпяваць і славіць.
9
Паўстань, слава мая, паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана.
10
Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе сярод плямёнаў,
11
бо да нябёсаў вялікая ласка Твая і ў пазахмар'і праўда Твая.
12
Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая.