- 1
- Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Давідава.
- 2
- Толькі ў Богу душа мая суцяшаецца; ад Яго выратаваньне маё.
- 3
- Толькі Ён - цьвярдыня мая, ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся болей.
- 4
- Дакуль будзеце налягаць на чалавека? Абвалены будзеце вы, усе вы, як сьцяна нахіленая, як плот расхістаны.
- 5
- Яны скінуць яго з вышыні намысьлілі, ашукаю скарысталіся; вуснамі дабраслаўляюць, а ў сэрцы сваім клянуць.
- 6
- Толькі ў Богу, душа мая, супакойвайся! бо на Яго ўся надзея мая.
- 7
- Толькі Ён - цьвярдыня мая і ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся.
- 8
- У Богу выратаваньне маё і слава мая; скала сілы маёй і надзея мая ў Богу.
- 9
- Народзе! на Яго спадзявайся ўвесь час; сэрца маё прад Ім вылівайце: Бог - нам прыстанішча.
- 10
- Сыны чалавечыя - марнасьць адна; сыны мужоў - ашуканства; калі іх пакласьці на вагі, усе яны разам лягчэйшыя за пустату.
- 11
- Не спадзявайцеся на рабункі, і не выхваляйцеся крадзяжом; калі багацьце множыцца, ня хілецеся да яго сэрцам.
- 12
- Аднойчы сказаў Бог, і двойчы я гэта пачуў, што сіла - у Богу,
- 13
- і ў Цябе, Госпадзе, міласьць, бо Ты плаціш кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
|