1
Псальма Давідава, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.
2
Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай,
3
каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў сьвятыні:
4
бо ласка Твая лепшая за жыцьцё. Уславяць вусны мае Цябе.
5
Так дабраслаўлю Цябе ў жыцьці маім; у імя Тваё рукі мае падыму.
6
Як лоем і алеем душа мая насычаецца, і радасным голасам вусны мае Цябе славяць,
7
калі ўспамінаю Цябе я на ложку маім, думаю пра Цябе ў часіну начную,
8
бо Ты дапамога мая, і ў цяні крылаў Тваіх я парадуюся;
9
Душа мая да Цябе прыляпілася; правіца Твая трымае мяне.
10
А тыя, што шукаюць пагібелі душы маёй, сыдуць у апраметную зямлі;
11
паб'юць іх сілаю меча; стануць здабычаю лісаў;
12
а цар усьцешыцца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду.