- 1
- Клікніце Богу, уся зямля.
- 2
- Сьпявайце славу імю Ягонаму; гонар славе Ягонай, хвала Яму.
- 3
- Скажэце Богу: грозны Ты ў дзеях Тваіх! У вялікай сіле Тваёй упакорацца Табе ворагі Твае.
- 4
- Хай паклоніцца Табе ўся зямля і сьпявае Табе, хай сьпявае імю Твайму, Усявышні!
- 5
- Прыйдзеце і гляньце на дзеі Бога, грознага ў дзеях супроць сыноў чалавечых.
- 6
- Ён мора ў сушу ператварыў: раку перайшлі нагамі; там радасьць была нам у Ім.
- 7
- Магутнасьцю Сваёю ўладарыць Ён вечна; вочы Ягоныя глядзяць на народы, хай ня ўзносяцца бунтаўшчыкі.
- 8
- Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму.
- 9
- Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца.
- 10
- Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра.
- 11
- Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя,
- 12
- пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю.
- 13
- Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае,
- 14
- якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй.
- 15
- Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў.
- 16
- Прыйдзеце, паслухайце ўсе, богабаязныя, і я абвяшчу вам, што стварыў Ён душы маёй.
- 17
- Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўславіў Яго языком маім.
- 18
- Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Гасподзь.
- 19
- Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго.
- 20
- Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае.
|