- 1
- Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня.
- 2
- Няхай паўстане Бог - і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі!
- 3
- Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць!
- 4
- А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці.
- 5
- Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, - і прад абліччам Ягоным радуйцеся.
- 6
- Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй!
- 7
- Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні.
- 8
- Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні,
- 9
- зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай - ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага.
- 10
- Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе.
- 11
- Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму.
- 12
- Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства.
- 13
- "Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу.
- 14
- Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы - як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам:
- 15
- калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне.
- 16
- Гара Божая! - гара Васанская! гара высокая - гара Васанская!
- 17
- Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна!
- 18
- Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні.
- 19
- Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога.
- 20
- Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас.
- 21
- Бог нам - Бог на ратаваньне; ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.
- 22
- Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.
- 23
- Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,
- 24
- каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.
- 25
- Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:
- 26
- наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:
- 27
- "Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы - ад семені Ізраілевага!"
- 28
- Там Веньямін малодшы - іхні князь; князі Юдавы - уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы.
- 29
- Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!
- 30
- Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары.
- 31
- Утаймуй зьвера ў трысьнягу, - статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць.
- 32
- Прыйдуць вяльможы з Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога.
- 33
- Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада,
- 34
- Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы.
- 35
- Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная - на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная - на аблоках.
- 36
- Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў - Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог!
|