- 1
- На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.
- 2
- Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.
- 3
- Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая - Ты.
- 4
- Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.
- 5
- Бо Ты - надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.
- 6
- На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.
- 7
- Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты - цьвёрдая надзея мая.
- 8
- Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.
- 9
- Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,
- 10
- бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, - ладзяць нарады,
- 11
- кажучы: "Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў".
- 12
- Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.
- 13
- Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!
- 14
- А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.
- 15
- Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.
- 16
- Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю - адзіна Тваю.
- 17
- Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.
- 18
- І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.
- 19
- Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?
- 20
- Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.
- 21
- Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.
- 22
- І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!
- 23
- Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;
- 24
- і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.
|