- 1
- Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!
- 2
- А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, -
- 3
- я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,
- 4
- бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;
- 5
- на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.
- 6
- Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;
- 7
- вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,
- 8
- сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;
- 9
- вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца.
- 10
- Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю
- 11
- і кажуць: "як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?"
- 12
- І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.
- 13
- І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,
- 14
- і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?
- 15
- Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.
- 16
- І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,
- 17
- пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.
- 18
- Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.
- 19
- Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!
- 20
- Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.
- 21
- Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,
- 22
- быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.
- 23
- Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:
- 24
- Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.
- 25
- Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.
- 26
- Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,
- 27
- бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.
- 28
- А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!
|