1
Малітва Давідава. Нахілі, Госпадзе вуха Тваё, і пачуй мяне; бо я бедны і ўбогі.
2
Ахавай душу маю, бо я богабаязны; уратуй, Божа мой, раба Твайго, які на Цябе спадзяецца.
3
Зьлітуйся зь мяне, Госпадзе, бо Цябе я клічу кожнага дня.
4
Разьвесялі душу раба Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу душу сваю,
5
бо Ты, Госпадзе, добры і міласэрны і мілажальны да ўсіх, хто кліча Цябе.
6
Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і прыслухайся да голасу маленьня майго.
7
У дзень смутку майго я клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.
8
Няма, Госпадзе, паміж багамі такога, як Ты, і дзеяў няма, як Твае.
9
Усе народы, Табою створаныя, прыйдуць і схіляцца прад Табою, Госпадзе, і праславяць імя Тваё,
10
бо Ты вялікі, творыш дзівосы, - Ты, Божа, адзіны Ты.
11
Настаў мяне, Госпадзе, на дарогу Тваю, і хадзіцьму ў праўдзе Тваёй; умацуй сэрца маё ў страху імя Твайго
12
Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім і славіць імя Тваё вечна,
13
бо вялікая ласка Твая да мяне; Ты выбавіў душу маю ад пекла апраметнага.
14
Божа! на мяне гардуны паўсталі, і хэўра мяцежнікаў шукае душы маёй; і перад сабою ня ставяць Цябе.
15
Але Ты, Госпадзе, Божа шчодры і сэрцам шчыры, доўгацярплівы і шматлітасьцівы і справядлівы,
16
паглядзі на мяне і ўмілажалься зь мяне; дай моц Тваю рабу Твайму, і ўратуй сына рабы Тваёй;
17
учыні на мне азнаку на добрае, хай бачаць мяне ненавісьнікі мае і пасаромяцца, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і суцешыў мяне.