- 1
- Вучэньне Этана Эзрахіта.
- 2
- Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,
- 3
- бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:
- 4
- "Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:
- 5
- навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна".
- 6
- І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,
- 7
- бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?
- 8
- Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.
- 9
- Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.
- 10
- Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.
- 11
- Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.
- 12
- Твае - нябёсы і Твая - зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.
- 13
- Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.
- 14
- Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!
- 15
- Правасудзьдзе й істасьць - аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.
- 16
- Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;
- 17
- а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,
- 18
- бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.
- 19
- Ад Госпада - шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.
- 20
- Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: "Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.
- 21
- Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.
- 22
- Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.
- 23
- Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.
- 24
- Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных,
- 25
- і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,
- 26
- і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі - правіцу ягоную
- 27
- Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго..
- 28
- І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,
- 29
- навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.
- 30
- І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон - як дні неба.
- 31
- Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;
- 32
- калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:
- 33
- наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі - няпраўду іхнюю;
- 34
- а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.
- 35
- Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,
- 36
- Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?
- 37
- Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;
- 38
- вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах".
- 39
- Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;
- 40
- занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;
- 41
- разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.
- 42
- Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.
- 43
- Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.
- 44
- Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;
- 45
- адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;
- 46
- скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам".
- 47
- Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?
- 48
- Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?
- 49
- Хто зь людзей жыў - і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай?
- 50
- Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.
- 51
- Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,
- 52
- як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.
- 53
- Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!
|