- 1
- Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня. Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!
- 2
- Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.
- 3
- Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?
- 4
- Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;
- 5
- топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.
- 6
- Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,
- 7
- і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.
- 8
- Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?
- 9
- Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?
- 10
- Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, - Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?
- 11
- Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.
- 12
- Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,
- 13
- каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!
- 14
- Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.
- 15
- Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.
- 16
- Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?
- 17
- Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.
- 18
- Калі я казаў: хістаецца нага мая, - ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.
- 19
- Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.
- 20
- Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?
- 21
- Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.
- 22
- Але Гасподзь - абарона мая, і Бог мой - цьвярдыня прытулку майго,
- 23
- і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.
|