1
Псальма Давідава. Засьпявайце Госпаду новую песьню; бо Ён дзівосы стварыў. Ягоная правіца і сьвятая мышца Ягоная прынесьлі Яму перамогу.
2
Паказаў Гасподзь выратаваньне Сваё, адкрыў перад вачыма народаў праўду Сваю.
3
Успомніў Ён міласьць Сваю да Якава і вернасьць Сваю да дома Ізраілевага. Усе канцы зямлі ўбачылі ратунак Бога нашага.
4
Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце;
5
сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі;
6
з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам.
7
Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім;
8
хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы
9
прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы - па праўдзе.