1
Псальма Давідава. Валадарыць Гасподзь: хай дрыжаць народы! Ён сядзіць на херувімах: хай трасецца зямля!
2
Гасподзь на Сіёне вялікі, і высокі Ён над усімі народамі.
3
Хай славіць вялікае і грознае імя Тваё: сьвятое яно!
4
І магутнасьць цара любіць суд. Ты сьцьвердзіў справядлівасьць; суд і праўду Ты ўчыніў у Якаве.
5
Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся падножжу Ягонаму: сьвятое яно!
6
Майсей і Аарон паміж сьвятарамі, і Самуіл паміж тымі, хто кліча імя Ягонае, клікаў да Госпада, і Ён слухаў іх;
7
У слупе хмарным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі Яго запаведзі і пастановы, якія Ён даў ім.
8
Госпадзе, Божа наш! Ты слухаў іх; Ты быў ім Богам, Які даруе і карае за дзеі іхнія.
9
Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся на сьвятой гары Ягонай; бо сьвяты Гасподзь, Бог наш.