1
І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
2
І я, Ян, угледзеў сьвяты горад Ерусалім, новы, які сыходзіў ад Бога зь неба, падрыхтаваны як нявеста, убраная для мужа свайго.
3
І пачуў я гучны голас зь неба, які казаў: вось, скінія Бога зь людзьмі, і Ён будзе жыць зь імі; яны будуць Ягоным народам, і Сам Бог зь імі будзе Богам іхнім,
4
і ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло.
5
І сказаў Той, Хто сядзеў на троне: вось твару ўсё новае. І кажа мне: напішы; бо словы гэтыя праўдзівыя і слушныя.
6
І сказаў мне: збылося! Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец; сасьмягламу дам задарма з крыніцы вады жывое;
7
Пераможца спадкуе ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам;
8
А баязьлівым і няверным, і паганым і забойцам, і любаблуднікам і чарадзеям, і ідаласлужнікам і ўсім ашуканцам - іхняя доля ў возеры, якое гарыць вагнём і серкаю; гэта - сьмерць другая.
9
І прыйшоў да мяне адзін зь сямі анёлаў, у якіх было сем чараў, напоўненых сямю апошнімі пошасьцямі, і сказаў мне: ідзі, я пакажу табе жонку, нявесту Ягняці.
10
І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне вялікі горад, сьвяты Ерусалім, які сыходзіў зь неба ад Бога:
11
ён мае славу Божую; сьветласьць ягоная падобная да каштоўнага каменя, як бы да каменя ясьпісу крышталёвага;
12
ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых:
13
з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы;
14
мур горада мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.
15
Той, што са мной гаварыў, меў залатую трысьціну для вымярэньня горада і брамаў ягоных і муроў ягоных.
16
А горад разьмешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І абмерыў ён горад трысьцінай на дванаццаць тысяч стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя роўныя.
17
І мур ягоны абмерыў у сто сорак чатыры локці, мераю чалавечаю, якая мера і анёлава.
18
Мур ягоны складзены зь ясьпісу, а горад быў чыстае золата, падобны чыстаму шклу.
19
Падмуркі гарадзкога мура ўпрыгожаны ўсялякімі каштоўнымі камянямі: падмурак першы - ясьпіс, другі - сапфір, трэйці - халкідон, чацьвёрты - смарагд,
20
пяты - сарданікс, шосты - сардыс, сёмы - хрызаліт, восьмы - берыл, дзявяты - тапаз, дзясяты - хрызапраз, адзінаццаты - якінт, дванаццаты - амэтыст.
21
А дванаццаць брамаў - дванаццаць перлаў: кожная брама была з адной пярліны. Вуліцы горада - чыстае золата, як празрыстае шкло.
22
А храма я ня бачыў у ім, бо Гасподзь Бог Усеўладны - храм Ягоны, і Ягняці.
23
І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленьне сваё; бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны - Ягня.
24
Выратаваныя народы будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свой.
25
Брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
26
І прынясуць у яго славу і гонар народаў;
27
і ня ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ніхто, аддадзены погані і хлусьні, а толькі тыя, якія запісаны ў кнізе жыцьця.