- 1
- Павал, раб Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны на зьвеставаньне Божае,
- 2
- якое Бог раней абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,
- 3
- пра Сына Свайго, Які нарадзіўся ад семені Давідавага па плоці
- 4
- і адкрыўся Сынам Божым у сіле, духам сьвятасьці, праз уваскрэсеньне зь мёртвых, празь Ісуса Хрыста Госпада нашага,
- 5
- празь Якога мы атрымалі мілату і апостальства, каб несьці паслушэнства веры дзеля імя Ягонага ва ўсіх народах,
- 6
- сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, -
- 7
- усім умілаванцам Божым у Рыме, пакліканым сьвятым: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
- 8
- Найперш за ўсё дзякую Богу майму празь Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера вашая абвяшчаецца па ўсім сьвеце;
- 9
- сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у зьвеставаньні Сына Ягонага, што бесьперастанку ўспамінаю пра вас,
- 10
- заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб воля Божая хоць цяпер паспрыяла мне прыйсьці да вас,
- 11
- бо я вельмі прагну ўбачыць вас, каб падаць вам які дар духоўны на ўмацаваньне вашае,
- 12
- гэта значыцца, суцешыцца з вамі верай супольнаю, вашаю і маёю.
- 13
- Не хачу, браты, утойваць ад вас, што я многа разоў мерыўся прыйсьці да вас, - але сустракаў перашкоды аж да гэтай пары, - каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.
- 14
- Я даўжнік і Элінам і варварам, мудрацам і неразумным;
- 15
- дык вось, што да мяне, я гатовы зьвеставаць і вам, жыхарам Рыма.
- 16
- Бо я не саромеюся зьвеставаньня Хрыстовага, бо яно ёсьць сіла Божая на збавеньне ўсякаму веруючаму, па-першае Юдэю, потым і Эліну.
- 17
- Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "праведны вераю жыць будзе".
- 18
- Бо адкрываецца гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, якія ўціскаюць ісьціну няпраўдаю;
- 19
- бо, што можна ведаць пра Бога, ёсьць яўнае ім, таму што Бог явіў ім;
- 20
- бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Ягоная і боскасьць, ад стварэньня сьвету праз сузіраньне тварэньняў бачныя, так што яны ня маюць выбачэньня.
- 21
- Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца:
- 22
- называючы сябе мудрымі, здурнелі,
- 23
- і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека, і птушак, і чатырногаў, і гадаў, -
- 24
- дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы;
- 25
- яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін.
- 26
- Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае;
- 27
- гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.
- 28
- І як што яны не стараліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог розуму перавернутаму - чыніць непатрэбшчыну,
- 29
- так што яны поўныя ўсялякай няпраўды, распусты, зламыснасьці, ліхазьдзірства, злосьці, поўныя зайздрасьці, душагубства, звады, ашуканства, ліхадушнасьці,
- 30
- яны паклёпнікі, хлусы, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, вынаходлівыя на зло, бацькам непакорлівыя,
- 31
- неразумныя, вераломныя, нлюбы, няпрымірцы, нелітасьціўцы.
- 32
- Яны ведаюць праведны вырак Божы, што тыя, якія чыняць такое, вартыя сьмерці; аднак жа ня толькі гэта робяць, але і сабе падобных падахвочваюць.
|