1
Найвышэйшая песьня Саламонава.
2
Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.
3
Ад водару мазяў тваіх імя тваё - як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.
4
Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; - цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; - больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!
5
Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.
6
Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, - вінаграднікі вартаваць мне казалі, - свайго вінаградніка я не ўпільнавала.
7
Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?
8
Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.
9
З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.
10
Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;
11
зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.
12
Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.
13
Мне мой мілы - як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,
14
мне мой мілы - як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.
15
Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы - дзьве галубіцы!
16
Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш - зелень;
17
стрэхі дамоў нашых - кедры, столі іх - кіпарысы.