1
Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!
2
Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: "Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая - абрасілася, мае кучары - ў начной вільгаці".
3
Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго?
4
Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.
5
Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.
6
Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала - ён не азваўся.
7
Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.
8
Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.
9
Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?
10
Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.
11
Галава ў яго - чыстае золата; яго кучары - гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,
12
вочы ў яго - галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,
13
шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго - лілеі, зь якіх цячэ міра;
14
рукі ў яго - жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго - як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,
15
ногі ў яго - слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы - Ліван, велічны, нібыта кедры.
16
Вусны ў яго - гэта слодыч, і ўвесь ён - уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!