1
І вось настае дзень Гасподні, калі падзеляць сярод цябе нарабаванае ў цябе.
2
І зьбяру ўсе народы на вайну супроць Ерусаліма, і ўзяты будзе горад, і разрабаваны будуць дамы, і зьняслаўлены будуць жанчыны, і палавіна горада пойдзе ў палон; а астатні народ ня будзе зьнішчаны з горада:
3
Тады выступіць Гасподзь і паўстане супроць гэтых народаў, як паўстаў у дзень бітвы.
4
І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Елеонскай, якая перад абліччам Ерусаліма на ўсход; і раздвоіцца гара Елеонская ад усходу да захаду даволі вялікаю далінаю, і палавіна гары адыдзе на поўнач, а палавіна яе - на поўдзень.
5
І вы пабяжыце ў даліну гор Маіх; бо даліна гор будзе прасьцірацца да Асіла; і вы пабяжыце, як беглі ад землятрусу ў дні Азіі, цара Юдэйскага; і прыйдзе Гасподзь Бог мой і ўсе сьвятыя зь Ім.
6
І будзе ў той дзень: ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца.
7
Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду: ні дзень, ні ноч; толькі аб вечаровым часе зьявіцца сьвятло.
8
І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора ўсходняга і палавіна іх да мора заходняга: летам і ўзіму так будзе.
9
І Гасподзь будзе Царом над усёю зямлёю; у той дзень будзе Гасподзь адзіны, і імя Яго - адзінае.
10
Уся гэта зямля будзе, як раўніна, ад Гаваона да Рэмона, на поўдзень ад Ерусаліма, які высока стаяцьме на сваім месцы і населіцца ад брамаў Веньямінавых да месца першай брамы, да кутняй брамы, і ад вежы Аканэіла да царскіх чавільняў.
11
І будуць жыць у ім, і праклёну ня будзе больш, а будзе стаяць Ерусалім у бясьпецы.
12
І вось якое будзе паганьбеньне, якім пакарае Гасподзь усе народы, якія ваявалі супроць Ерусаліма: у каго зачаўрае цела ягонае, калі ён яшчэ стаіць на сваіх нагах, і вочы ў яго растануць у ямінах сваіх, і язык яго высахне ў роце ў яго.
13
І будзе ў той дзень: адбудзецца паміж імі вялікая бянтэга ад Госпада, так што адзін схопіць руку другога, і падымецца рука яго на руку блізкага яго.
14
Але і сам Юда будзе ваяваць супроць Ерусаліма, і сабрана будзе багацьце ўсіх навакольных народаў: золата, срэбра і вопратка ў вялікім мностве.
15
Будзе такое самае паражэньне і коней і мулаў, і вярблюдаў і аслоў, і ўсякага быдла, якое будзе ў табарах іхніх.
16
Потым усе астатнія з усіх народаў, якія прыходзілі супроць Ерусаліма, будуць прыходзіць год у год на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, і на сьвяткаваньне сьвята кучак.
17
І будзе: калі якое зь плямёнаў зямных ня пойдзе ў Ерусалім на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, дык ня будзе дажджу ў іх.
18
І калі племя Егіпецкае не падымецца ў дарогу і ня прыйдзе сюды, дык і ў яго ня будзе дажджу і спасьцігне яго разгром, якім сьпляжыць Гасподзь народы, што ня прыходзяць сьвяткаваць сьвята кучак.
19
Вось, што будзе за грэх Егіпта і за грэх усіх народаў, якія ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята кучак!
20
У той час нават на конскіх уборах будзе накрэсьлена: сьвятыня Госпаду, і катлы ў доме Гасподнім будуць, як ахвярныя чары перад алтаром.
21
І ўсе катлы ў Ерусаліме і ў Юдэі будуць сьвятыняю Госпада Саваофа, і будуць прыходзіць усе, хто прыносіць ахвяру, і браць іх і гатаваць у іх, і ня будзе болей ніводнага Хананэя ў доме Госпада Саваофа ў той дзень.