- 1
- І, выйшаўшы адтуль,
прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звычайна, зноў вучыў іх.
- 2
- І, падышоўшы, фарысеі
спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай?
- 3
- Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей?
- 4
- Яны сказалі:
Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца.
- 5
- І, адказваючы, Іісус сказаў ім:
з-за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь;
- 6
- але ад пачатку стварэння
мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог.
- 7
- Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
- 8
- і прылепіцца да жонкі сваёй,
і будуць двое плоццю адною, так што яны ўжо не двое, але адна плоць.
- 9
- Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
- 10
- І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
- 11
- І сказаў ім:
Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю, той пралюбадзейнічае супраць яе;
- 12
- і калі жонка развядзецца з мужам сваім
і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзейнічае.
- 13
- І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх,
а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
- 14
- Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім:
пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае.
- 15
- Праўду кажу вам:
хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго.
- 16
- І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх.
- 17
- І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта
і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
- 18
- Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым?
Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
- 19
- Ведаеш запаведзі: "не пралюбадзейнічай;
не забівай; не крадзі; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці".
- 20
- Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік!
усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
- 21
- Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго
і сказаў яму: аднаго табе не хапае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і мець будзеш скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж.
- 22
- А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку,
бо меў вялікую маёмасць.
- 23
- І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім:
як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае.
- 24
- Вучні жахаліся ад словаў Яго.
А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
- 25
- Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
- 26
- Яны ж надзвычай здзіўляліся,
гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены?
- 27
- Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў:
людзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
- 28
- Пачаў Пётр гаварыць Яму:
вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
- 29
- Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам:
няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
- 30
- і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях,
у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця вечнага;
- 31
- многія ж першыя будуць апошнімі
і апошнія першымі.
- 32
- Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім,
і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся і, услед ідучы, былі ў страху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца:
- 33
- вось мы ўзыходзім у Іерусалім
і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам;
- 34
- і наглумяцца над Ім,
і будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне.
- 35
- І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы,
кажучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
- 36
- А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
- 37
- Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці
аднаму справа ад Цябе, а другому злева ад Цябе, у славе Тваёй.
- 38
- Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце;
ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца?
- 39
- Яны ж сказалі Яму: можам.
А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
- 40
- а сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю,
але гэта для тых, каму ўгатавана.
- 41
- І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
- 42
- А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце,
што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць імі.
- 43
- Але не так няхай будзе сярод вас:
а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою;
- 44
- і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
- 45
- Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі,
але каб паслужыць і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх.
- 46
- І прыходзяць у Іерыхон.
І калі выходзіў Ён з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Цімееў, Варцімей сляпы, сядзеў пры дарозе, жабруючы.
- 47
- І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць
і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
- 48
- І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў,
але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
- 49
- І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго.
І паклікалі сляпога, кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе.
- 50
- Ён жа, скінуўшы вопратку сваю,
устаў і прыйшоў да Іісуса.
- 51
- І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе?
Сляпы сказаў Яму: Раввуні! каб мне бачыць.
- 52
- Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе.
І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.
|